«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
У.М.Конан.
т. 10, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)